Контактные телефоны:
(029) 7601245, (029) 1269361

 
   

Вайна па-мiрнаму альбо Эрзац-лекi ад маршчын

...Крадземся па лесе, нi гуку, хiба толькi патрэскваюць ледзь чутна сухiя галiнкi пад нагамi. Мацаю рукой аўтамат, палец ляжыць на курку — у любы момант гатова страляць. Але гэта пакуль не патрэбна. Наша задача зараз— даведацца, дзе схавана радыёстанцыя ворагаў. Недалёка — кiнуты разбураны дом. Можа, там? Раптам — тонкi, ледзь чутны свiст ля самага вуха. Куля. Аўтаматычна страляю ў адказ. У думках мiтусiцца:«Бяжы!»— i радасць, i палёгка ад таго, што гэтая куля «не твая». Кiдаемся стрымгалоў ад праследавацеляў, а рука ўжо намацала ў падсумцы запасны магазiн. Ляцiм шалёна, пот засцiлае вочы. Не бачыш нiчога, ведаеш толькi — трэба абавязкова дабрацца да руiн.

Адстрэльваешся на бягу i толькi ля развалiн дазваляеш сабе спынiцца. Злiваешся са сцяной, усiм целам прыцiскаешся да яе, як да роднай мацi. Ведаеш: вораг ужо блiзка, хутка будзе тут. Сэрца б’ецца, калоцiцца, зараз разарвецца, i цяжкае дыханне перашкаджае пачуць крокi працiўнiка.

Асцярожна выглядваю з-за сцяны — нiкога. Значыць, трэба быць утрая больш пiльнай. «Ты паланены!» — раптам чую за спiнай. Азiраюся: за метр ад мяне — твар ворага. Стомлены, але з усмешкай на вуснах. I аўтамат накiраваны на мяне. Чорт!!! Моўчкi складваю зброю — лiчы, «game over». Такiя правiлы, гульня ў страйкбол для мяне сёння скончана...

«Лекi супраць маршчын», як называў вайну Вiктар Цой, зараз прадаюцца i карыстаюцца вялiкiм попытам. А галоўнае — не маюць пабочных эфектаў. Мiнi-вайна, а дакладней — камандная ваенна-спартыўная гульня пад назвай страйк-бол, прываблiвае ўсё больш удзельнiкаў ва ўсiм свеце. Чаму так адбываецца, а таксама як выглядае i адчувае сябе малады яшчэ беларускi страйкбол, расказалi арганiзатары сталiчнага страйкбольнага клуба «Барс» Аляксандр Савасцьянаў i Алег Някрасаў.

Дзеля мiру i адрэналiну

«Страйкбол — гульня мiрная,— сцвярджае мой знаёмы, сталы ўжо чалавек, якi «ўцягнуўся».— Гэта толькi на першы погляд чыстая агрэсiя. Проста, здаецца мне, кожнаму пакаленню патрэбна вайна: каб адчуць i навучыцца цанiць жыццё, каб пазнаць, нарэшце, якi ты ёсць на самай справе. Страйкбол нам, «неабстраляным», такую магчымасць дае».Я

к кажа Аляксандр Савасцьянаў, страйкбол (альбо эрсофт на Захадзе) — гэта проста гульня «ў вайнушку» для дарослых.3—4-гадзiнная вайна, што адбываецца па пэўнаму сцэнарыю, да дробязяў капiруе рэальныя баявыя дзеяннi. Так што чалавек недасведчаны, апынуўшыся выпадкова ў страйкбольнай зоне, можа лёгка паверыць у пачатак трэцяй сусветнай. З трох метраў «лiпавыя» «калашы» i «АУГi» ўдзельнiкаў не адрознiш ад рэальных аўтаматаў, нават па масе яны максiмальна наблiжаныя да баявых арыгiналаў. Толькi страляюць не патронамi, а пластмасавымi шарыкамi дыяметрам 6 мiлiметраў.

У спiсе «адрэналiнавых» гульняў для дарослых страйкбол ставяць побач з пейнтболам i старой савецкай «Зарнiцай». Але, паводле слоў Аляксандра Савасцьянава, i тое, i другое толькi звонку падобнае на эрсофт. Працэс пошуку, на якiм трымаецца «Зарнiца», у страйкболе калi i прысутнiчае, то iграе далёка не галоўную ролю. I, у адрозненне ад iмклiвага пейнтбола з простай задачай «перабiць не нашых», страйкбол скiраваны на тактыку i ўзаемадзеянне гульцоў. Тут не важна, цi хутка ты бегаеш i цi добра страляеш; галоўнае — наколькi паспяхова ты ладзiш з калегамi.

«У страйкбол прыходзяць цэлымi кампанiямi i фiрмамi,— распавядае Алег Някрасаў.— I ў такiм выпадку адкрываюцца незаўважныя раней якасцi людзей i рэальнае размяшчэнне сiл у калектыве. Бывае, афiцыйны лiдар раптам аказваецца непатрэбным баластам, а якi-небудзь цiхi менеджар хутка прымае рашэннi i вядзе за сабой каманду». Перад удзельнiкамi ставяць канкрэтныя баявыя задачы, аналагiчныя тым, што ставяць перад байцамi — захапiць аб’ект, перанесцi радыёстанцыю з пункта А ў пункт Б. Карацей, заданнi, якiя выпрабоўваюць мазгi, а не мускулы, i якiя не выканаеш у адзiночку.

На вайне ЁСЦЬ правiлы!

Асноўныя з iх датычацца «смерцi». Па класiчных правiлах, смерць — гэта пападанне кулi ў любую дэталь экiпiроўкi. «Мёртвы» баец павiнен гучна крыкнуць: «Забiты!» — i iсцi ў спецыяльна адведзенае месца. Не зробiш гэтага — адчуеш яшчэ не адну смерць: цябе проста будуць «дабiваць», пакуль слова не будзе сказана. «Мярцвятнiка», нягледзячы на страшную назву, пужацца не варта — «забiты» вяртаецца на поле бою пасля некалькiх хвiлiн дысквалiфiкацыi. «Часам уся вайнушка, — усмiхаецца Аляксандр, — ператвараецца ў бег з «мярцвятнiка» i назад». Праўда, кожнага байца даводзiцца папярэджваць: страйк-бол — гульня на чэснасць. Кулi нiчым не выдзяляюцца, i слядоў ад iх на форме не застаецца. Так што прызнацца цi не, кожны «забiты» вырашае сам. Як кажуць арганiзатары, «несвядомка» ўзнiкае хiба толькi ў навiчкоў.

Жорсткiх абмежаванняў няма. Для гульнi неабходны толькi пашпарт, а для «сына палка», якому няма 18, — пiсьмовы дазвол бацькоў.

Хто плацiць i якую музыку заказвае.

Каб поўнасцю адчуць сябе спецназаўцам, дастаткова 3-4 гадзiн. Ёсць групы, што праводзяць 6-гадзiнныя сесii. I, як правiла, банальнай бойкай справа не абмяжоўваецца.

«Для навiчкоў у нас падрыхтаваны стандартныя сцэнарыi. А вось стрэляныя вераб’i прыносяць свае, шматэтапныя планы, — расказвае Алег Някрасаў. — Нядаўна адна каманда разыграла вельмi прыгожую i вельмi складаную партыю. Падзел сiл — дзесяць супраць траiх. Задача дзесяцi — па пэўнаму маршруту патруляваць тэрыторыю i праз кожныя 15 хвiлiн мяняць варту. Задача другой групы — высветлiць маршрут, перыядычнасць змены варты i, урэшце, захапiць палоннага. Зрабiць гэта насамрэч вельмi складана: трэба падысцi да яго на метр цi блiжэй» . У страйкбольным асяроддзi шмат дзяўчат, ёсць i свой «жаночы батальён». Да таго ж вайна — справа не толькi маладых, як лiчыў усё той жа Цой: нароўнi са студэнтамi ваююць i сталыя людзi, якiя ў жыццi паспелi многае зведаць.

Што датычыцца месца, то выбар залежыць толькi ад фантазii страйкбалiстаў, але часцей аддаюць перавагу пакiнутым пiянерскiм лагерам, лесу, узбярэжжу ракi. У горадзе гуляць пазбягаюць: лiшнiя праблемы з мiлiцыяй нiкому не патрэбны.

«Зацiкаўленасць намi з боку мiлiцыянераў разумеем,— тлумачыць Аляксандр Савасцьянаў.— Як-нiяк, чалавек са зброяй, якая з трох метраў выглядае як баявы «калаш», выклiкае небеспадстаўныя падазрэннi. Не раз спынялi нашы машыны па дарозе на «палiгон», не верылi, што цацкi вязем. I правiльна рабiлi: пiльнасць не шкодзiць. Хоць я не ведаю нiводнага выпадку, каб пад выглядам страйкбольнай электрапнеўматыкi везлi баявую зброю: спадзяюся, няма такiх дурняў».

Аднак па кошту такiя «цацкi» амаль наблiжаюцца да сапраўдных мадэляў. Поўная экiпiроўка страйк-балiста пацягне на паўтысячы долараў, прычым на асобны «прывад» — так у народзе называецца зброя — прыпадае каля 300 у.а. у сярэднiм. «Наварочаныя» копii перавышаюць тысячу «зялёных».

На шляху да трэцяй сусветнай — страйкбольнай.

Страйкбол — гэта не сiмулятар вайны, а адно з яе наступстваў, дзiця другой сусветнай. Японii, якая пацярпела паражэнне, было забаронена ўтрымлiваць рэгулярную армiю i выкарыстоўваць сапраўдную зброю. Кемлiвыя японцы стварылi дакладныя копii, што, нягледзячы на грозны выгляд, былi бяскрыўднымi цацкамi. Дарэчы, такiмi муляжамi карыстаюцца на трэнiроўках байцы спецпадраздзяленняў ва ўсiм свеце, i ў Беларусi таксама.

Да нас страйкбол трапiў з суседняй Расii, i зараз сетка клубаў пакрывае ўсю краiну.

«Арганiзаваць асацыяцыю? Такой мэты мы не ставiлi, — распавядае Аляксандр. — Страйкбалiсты i так ведаюць адзiн аднаго — дзякуючы iнтэрнэт-форумам i злётам: мiжнародным, што праходзяць часцей у Польшчы, i беларускiм (апошнi, «Мiнскi кацёл» адбыўся сёлета на «лiнii Сталiна»). Атмасфера ў нас вельмi нефармальная для сапраўднай рэспублiканскай арганiзацыi, пэўна таму, што вайна ў нас несапраўдная. На шчасце»....

Скончыўся тэрмiн майго «палону». «Уваскрэслi» забiтыя. Усе разам адпачываем пасля «вайны» — яшчэ ўзбуджаныя ад уражанняў i крыху стомленыя. У вачах сябра чытаю схаваны смутак. Разумею. Пэўна, ва ўсiх тыя ж думкi: на сапраўднай вайне не вяртаюцца з мёртвых.

Марыя КАСЦЮКОВIЧ

Общебелорусский страйкбольный портал
RATING ALL.BY   Rambler's Top100   DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск  
экстримальный каталог на extreme.by
  Каталог TUT.BY   Akavita: каталог, рейтинг, счетчик для сайтов Беларуси  
  TIGA.BY: Каталог, новости, погода, почта, работа, фото и многое другое   Svich.Com .: Каталог сайтов на Белорусском Портале   Первый Каталог - Бытовая техника   Белорусский рейтинг MyMinsk.com   Каталог Бизнес Сайтов на BEL.BIZ   Каталог белорусских сайтов  
Магазинстрайкбольного снаряжения